НІ́ЖНЯЯ ТУНГУ́СКА,

рака ў Эвенкійскай аўт. акрузе і Іркуцкай вобл. Расіі, правы прыток р. Енісей. Даўж. 2989 км, пл. басейна 473 тыс. км². Цячэ ў межах Сярэднесібірскага пласкагор’я. У верхнім цячэнні (да вусця р. Ілімпея) — у шырокай даліне, у рэчышчы шмат перакатаў. У ніжнім цячэнні частыя азёрападобныя расшырэнні (да 20—25 км). Пры перасячэнні трапаў месцамі цячэ ў цяснінах. Шмат парогаў. Гал. прытокі: Ілімпея, Таймура, Учамі (злева), Кочэчум, Віві, Тутанчана (справа). Жыўленне пераважна снегавое. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 3420 м³/с. Ледастаў ад канца кастр. да мая. Суднаходная ў час паводкі да г.п. Тура. У вусці — прыстань Туруханск.

т. 11, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)